Мяшчэра
Тамара Іванаўна
На пачатку вайны ёй было восем гадоў. У сям’і было яшчэ два браты - адзін старэйшы за яе, а другі меньшы. У трыццаць дзявятым годзе яна пайшла ў першы клас, але так як гэты год аказаўся вельмі халодны, пахадзіла ў школу
толькі да Новага года.
УСПАМІНЫ
- Калі пачалася вайна, я была ў дзядулі ў леснічоўке. Памятаю, калі нашыадступалі, то ішлі дарогай праз лес. Ішлі, як кажуць, адзін пры адным. I кожны ў руцэ нёс альбо бярозку, альбо елачку. Вось калі з далёк глядзіш, падаецца, нібы проста лес калышацца. Потым наступіла зацішша.
I вось аднойчы мы пачулі гул матораў, для нас незнаёмых у той час. I з’явіліся немцы. Нашыя старэйшыя, у тым ліку і мой дзядуля, загадзя выкапалі зямлянку. Вось мы туды і пабеглі, а немцы па нас з аўтаматаўстралялі, але стралялі больш павярху, бо ні ў кога тады не папалі. Немцы праехалі і зноў настала зацішша. Толькі чутна было як самалёты кружылі і ў Якшыцах, каб разбамбіць мост, кідалі бомбы. Калі мы з суседнім хлопчыкам, які таксама жыў у леснічоўцы, пасцілі кароў, было чутна, як дрыжала зямля, у якую дзесьці пападаў снарад.
Памятаю, якая страшная для нас была першая блакада. Акружылі немцы вёску на світанні, можа ў часоў шэсць раніцы. Мужыкоў, якія засталіся тады ў вёсцы, сагналі ў хату. Уся моладзь ўжо была ў партызанах. Самі немцы размясціліся ў іншых хатах. Дзесці часы пад тры партызаны, у якіх тут засталіся семьі, быцькі, сёстры, браты, пачалі страляць. Немцаў як ветрам здула з хат, калі пайшлі чуткі, што ідуць патрызаны. Уцяклі. Выбеглі з лесу партызаны з крыкам “Ура!”. Мы так сама выбеглі з хаты, радасныя, што нас вызвалілі. Але гэтым не кончылася. На наступны дзень, дзесці пад абед, едзе
на кані партызан і крычыць: “Хавайцеся! Немцы ідуць!”. I пабеглі мы ўсе у лес. Сані узялі, памятаю, маці падушку ўзяла, хлеба. Пераехалі раўчук, заехалі ў лес, а мароз вялікі быў, на сані намёрз снег і яны не едуць ні туды, ні сюды. Нехта з мужчын ўцапіў нас на кані і дапамог. Ад’ехалі далёка-далёка ў лес. А мароз быў такі вялікі. Мы беглі па снягу абутыя толькі ў лапці. Намоклі вельмі. Халодна. Распалілі маленекі агенчык і абступілі так, каб яго нідзе не было бачна. Маці пасадзіла аднаго ў падушку, разула, пасушыла парцянкі, ўматала. Тое ж самае і з другім. Так правялі ноч. К ранню як началі страляць, што было чутна як кулі свісцяць над галавой, ды ў дрэвы пападаюць. Толькі галіны сыплюцца. Мы хаваліся ў маладым ельнічку, і немцы прайшлі ў местрах шасцідзесяці, абмінуўшы нас. Потым нейкі дзядзька пасадзіў нас на воз, і мы паехалі бліжэй да хаты.
У гэту ноч, што мы начавалі ў лесе, у суседняй вёсцы Асавок адбылося жудаснае. Усё насельніцтва сагналі ў хлеў і спалілі. Цудам засталося ў жывых некалькі чалавек. Адна жанчына схавалася ў бочку з аўсом, дзве другія - у падпечак. Яны потым і рассказвалі, як немцы ўсіх кідалі ў полымя. Сто сорак шэсць чалавек, здаецца. Мы як заехалі ў вёску, пачулі такое цяжкае паветра, дыхаць не было чым. Потым нам рассказалі, што здарылася.
Паміж блакадамі ў нас было ціха. Тут былі партызанскія атрады і немец заходзіў рэдка. Мельніца была. Партызаны малолі там муку. Яны нічога ў нас не забіралі, акрамя толькі солі. Памятаю, перад першай блакадай прыехаў к нам на кані партызан і папрасіў маці падгатаваць дзесяць кілаграмаў сухароў. Вось маці пякла хлеб і сушыла яго. Прыехалі яны потым зноў на санях, узялі сабе гэтых дзесяць кілаграм, высыпалі ў мяшок, а што засталося пакінулі нам. Сказалі тады, што нам таксама трэба. Вось гэта добра запомнілася.
Памятаю, як немцы напалі на партызан, прыйшоўшы ў вёску з “дапамогай” аднаго дзядзькі. У гэты час мы з сяброўкай пайшлі ў лес вязаць веннічкі. Толькі зайшлі ў лес, чуем: страляюць. I мы бягом назад. Маці якраз была ўсваёй сястры. А браты з ёй. Я прыбегла да хаты - зачынена. Плачу. Не ведаю, куды дзецца. Гляджу, маці бяжыць з братамі. Зноў мы пабеглі хавацца, пакуль ўсё не сціхла. Тады й спалілі нашу мельніцу, а так сама цэлыя вуліцы. Многа пабілі партызан.
Пры апошняй блакадзе сорак чацвертага немцы значна меньш палілі і стралялі, аднак шмат маладых людзей забралі у Германію. Памятаю, немец падняў мяне на рукі, а я такая худзенькая была, але рослая. Пытаецца, маўляў, колькі гадоў. Я яму паказваю, што дзесяць. Ён пасадзіў на месца і пайшоў далей. Відаць не падыйшла. Да прыходу чырвоных паліцаі яшчэ шмат паздзекваліся над людзьмі. Вось тыя растралялі мо чалавек сорак. Не глядзелі ні на дзяцей, ні на жанчын. Ужо пасля вайны, месца, дзе ляжалі трупы, доўга не зарастала травой.
Вось так і закончылася ў нас ўсё. Школу нашу не спалілі і не разабралі. Усе калхозныя пастройкі разабралі партызаны, каб паліць мельніцу, а школу мусіць мужыкі не дазволелі чапаць. Вось мы ў сорак чацьвёртым восенню пайшлі ў сваю школу.
Да вайны я скончыла першы клас выдатна. Атрымала ўзнагароду тады - бюст Леніна. Самы дарагі падарунак. А мне так хацелася карандашы. Прапанавала адной дзяўчынцы памяняцца, а яна не захацела. Тады, як вайна пачалася, маці укруціла гэты бюст ў нейкую трапку і закапала, каб не папала нам ад немцаў. А пасля вайны адкапалі, а гэты бюст увесь рассыпаўся. Вось табе і самы дарагі падарунак.
Аднак мы ў час вайны не галадалі. Калгас падзялілі на ўчасті. Бульбу садзілі, жыта сеялі, ячмень. Пажнём, на мельніцу зносім, памалоцім, і напячом хлеба.
Але мы галадалі пасля вайны. Яшчэ ў сорак пятым былі запасы. А ўжо сорак шосты год для нас быў надта цяжкі. I крапіву елі, і шышачкі, і жалуды. Назбіраем жалудоў, маці панясе ў рэчку ў мяшочку, колічак заб’е і пакіне іх вымакаць. Пасля прыносіла іх да дому, падсушвала і ў жорны. Змеля, спячэ хлеб. Як з’ясі, нібыта камень ў жываце.